Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.

— Так і зробім. Есці хочаш?

— Пакуль што не.

— На ўсякі выпадак я сцібру некалькі свежых булачак. Падносчык падвесіў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.

Калі я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькі. Мяккае ранішняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.

— Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?

Яна згодна кіўнула, не паварочваючы галавы.

— Мы проста больш не пойдзем у кампанію. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак і прыпадкаў рэўнасці.

Няхай іх ліха забярэ — Броера і ўсіх астатніх разам з ім. Праўда?

— Праўда, — сказала яна. — І тую Маркавіц таксама.

— Маркавіц? Пра каго ты гаворыш?

— А пра тую, з якой ты сядзеў у «Каскадзе» ў бары.

— А-а, — сказаў я, раптам чамусьці ўзрадаваны, — ты пра гэну…

Я пакорпаўся ў кішэнях.

— Зірні на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсці куды-небудзь, га? Толькі без кампаніі. Мы пра іх забыліся, праўда?

Яна кіўнула.

Сонца выходзіла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэліся. Валасы Пат напоўніліся святлом, сонца пазалаціла ёй плечы.

— Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесіі?

— Архітэктар.

— Архітэктар, — сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён ніхто… — Архітэктар — невялікая шышка, праўда, Пат?

— Праўда, дарагі.

— Нічога асаблівага, праўда?

— Абсалютна нічога, — пераканана сказала яна, павярнулася да мяне і засмяялася. — Архітэктар — гэта нішто, нуль. Дрэнь!

— А гэта каморка… яна не вельмі ўбогая, га, Пат? У іншых, вядома, лепшыя…

— Яна шыкоўная, гэтая каморка, — перабіла мяне Пат. — Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагі!

— А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькі таксіст, але…

— Ты — мой каханы, аматар булачак і рому, ты мой дарагі.

Яна абхапіла мяне за шыю.

— Ах, дурненькі! Як цудоўна жыць на свеце!

— Толькі з табой, Пат! Шчыра!

Быў цудоўны праменны ранак. Унізе над магільнымі плітамі плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былі цалкам асветлены. Над комінамі дамоў віўся дым. Чуліся воклічы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглі падрамаць, гэта быў не сон і не ява, становішча на мяжы летуцення. Мы абняліся і плылі, дыханне наша злілося ў адно. Потым, у дзевяць гадзін я спачатку патэлефанаваў ад імя тайнага саветніка Буркгарда падпалкоўніку Эгберту фон Хакэ асабіста, а потым Ленцу, каб ён выехаў раніцай замест мяне.

— Ён адразу перабіў мяне:

— Не трэба, дзіцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.

— Заткніся! — радасна сказаў я і аб'явіў на кухні, што я хворы і да полудня буду ў пасцелі. Тройчы мне давялося адбіваць клапатлівыя атакі фраў Залеўскі, якая прапанавала рамонкавы настой, аспірын і кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесці Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.

XIV

Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явіўся булачнік на сваім «фордзе».

— Выйдзі, Робі, — сказаў Ленц, з'едліва гледзячы ў акно, — кухонны Казанова, відаць,

з'явіўся з рэкламацыяй.

Булачнік выглядаў крыху зморана.

— Нешта не ў парадку з машынай? — спытаў я.

Ён пахітаў галавой.

— Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.

— Дык яна новая і ёсць, — пацвердзіў я і з цікаўнасцю паглядзеў на яго.

— Справа ў тым… — сказаў ён. — Як вам сказаць… Я хачу купіць іншую машыну… большую. — Ён азірнуўся па баках. — У вас, здаецца, быў «кадзілак».

Я адразу ўцяміў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.

— Так, быў «кадзілак», — летуценна сказаў я, — трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!

— Гм, задарма…

— Задарма! — паўтарыў я настойліва, а сам думаў, што можна зрабіць.

— Я даведаюся, — сказаў я. — Магчыма, чалавеку, які купіў яго, спатрэбіліся грошы. Сёння такое — звычайная справа! Пачакайце хвілінку. — Я пайшоў у майстэрню і хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.

— Хлопцы, дзе ж нам тэрмінова дастаць стары «кадзілак»?

— Пакінь гэта мне, — сказаў я. — Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнік не ўцёк.

— Згода! — Готфрыд знік.

Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмі спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.

— Ці не хочаце вы прадаць «кадзілак»? — спытаў я без хітрыкаў.

Блюменталь засмяяўся.

— У мяне ёсць чалавек, — працягваў я, — плаціць наяўнымі з рук у рукі.

— Наяўнымі… — паўтарыў Блюменталь, хвілінку падумаўшы, — сёння гэта слова гучыць як высокая паэзія.

— І я так думаю, — сказаў я і раптам павесялеў. — Дык як, абмяркуем гэтую справу?

— Абмеркаваць заўсёды можна, — адказаў Блюменталь.

— Цудоўна. Калі я магу бачыць вас?

— Сёння аполудні ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзіны тут, у канторы.

— Добра.

Я павесіў слухаўку.

— Ота, — усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, — ніколі не падумаў бы, але, здаецца, «кадзілак» вяртаецца да нас.

Кёстэр адарваўся ад папер.

— Праўда? Ён згодны прадаць?

Я кіўнуў і глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергічна даводзіў булачніку.

— Ён сапсуе справу, — сказаў я заклапочана. — Ён замнога гаворыць. Булачнік вельмі недаверлівы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.

Кёстэр засмяяўся.

— З богам, Робі.

Я падміргнуў яму і выйшаў. Але я не паверыў сваім вушам: Готфрыд і не думаў загадзя ўслаўляць «кадзілак» — ён з вялікай стараннасцю тлумачыў булачніку, як індзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зірнуў на яго і звярнуўся да булачніка:

— На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.

— Я так і думаў, — падхапіў Ленц, быццам мы згаварыліся.

Я паціснуў плячыма.

— Шкада… але і яго можна зразумець…

Булачнік стаяў у нерашучасці. Я зірнуў на Ленца.

— Можа, ты зробіш яшчэ адну спробу? — адразу спытаў ён.

— Абавязкова! — адказаў я. — Мне ўдалося дамовіцца з ім на сустрэчу днём. Як з вамі потым звязацца? — спытаў я булачніка.

— У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу…

— Добра… тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.

Поделиться с друзьями: