Тры таварышы
Шрифт:
Я прыхіліўся да сцяны дома і ўтаропіўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабіў. Я трапіў у нешта, што разрывала мяне на часткі, што рабіла мяне неразумным і несправядлівым, што кідала мяне туды-сюды і разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна і не ведаў, што рабіць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусім дрэнна. Нарэшце я прыпомніў, што ў Альфонса павінна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да раніцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нічога не сказаў. Ён толькі зірнуў і працягваў чытаць газету. Я сеў за столік і паглыбіўся ў дрымоту. Больш
Раптам пачуўся трэск і звон. Я з усёй сілы грукнуў шклянкай, якая разляцелася.
— Таксама забава, — сказаў Альфонс і ўстаў.
Ён дастаў асколкі з рукі.
— Я вельмі шкадую, — сказаў я. — Зрабіў не падумаўшы.
Ён прынёс вату і пластыр.
— Схадзі лепш у бардак, — сказаў ён. — Гэта дапаможа.
— Нічога, — адказаў я. — Усё прайшло. Нейкі прыпадак шаленства.
— Шаленства трэба выганяць забавамі, а не злосцю, — вучыў мяне Альфонс.
— І то праўда, — сказаў я. — Але ж трэба ўмець.
— Трэніруйся. Вам усім хочацца прабіць сцяну галавой. Але з гадамі гэта пройдзе.
Ён паклаў на грамафон «Злітуйся» з «Трубадура». Пачало хутка світаць.
Я пайшоў дамоў. Перад адыходам Альфонс наліў мне вялікую чарку «Фэрнет-бранка». Мне здалося, што цяпер у маім чэрапе стукаюць мяккія малаточкі. Вуліца стала няроўнай. Плечы наліліся волавам. Нарэшце я дабраў.
Я паволі падняўся па лесвіцы і пачаў шукаць у кішэні ключ. Тут я пачуў у паўзмроку нечае дыханне. Нешта шэрае, невыразнае сядзела на верхняй прыступцы. Я зрабіў два крокі.
— Пат… — прамовіў я, разгубіўшыся. — Пат, што ты тут робіш?
Яна варухнулася.
— Мне здаецца, я задрамала…
— Але як ты трапіла сюды?
— У мяне ж ёсць твой ключ.
— Я не пра гэта. Я пра… — Хмель адступіў, я ўбачыў збітыя прыступкі лесвіцы, аблезлую сцяну і срабрыстую сукенку, маленькія бліскучыя туфелькі. — Я пра тое, як ты ўвогуле аказалася тут…
— Вось пра гэта я пытаюся ў сябе ўвесь час…
Яна ўстала і пацягнулася, быццам гэта была самая натуральная справа ў свеце — сядзець усю ноч на лесвіцы.
Потым яна прынюхалася.
— Ленц сказаў бы: каньяк, ром, вішнёўка, абсент.
— Нават «Фернет-бранка», — прызнаўся я і толькі цяпер усё як след зразумеў.
— Д'ябал усё забяры, ты выдатная дзяўчына, Пат, а я — агідны ідыёт!
Я падхапіў яе на рукі, адчыніў дзверы і панёс праз калідор. Яна ляжала на маіх грудзях, серабрыстая чапля, змораны птах, я адвярнуў галаву ўбок, каб не дыхаць на яе перагарам, і адчуў, што яна дрыжыць, хоць на твары блукае ўсмешка.
Я пасадзіў яе ў крэсла, запаліў святло і прынёс коўдру.
— Каб я толькі здагадаўся, Пат… замест таго каб бадзяцца, сядзець у шынках, мне трэба было… варты жалю баран… я патэлефанаваў табе ад Альфонса, я свістаў перад тваім домам… Я падумаў, што ты не хочаш адклікацца…
— А чаму ты не вярнуўся, калі мяне завезлі дадому?
— Вось гэта я хацеў бы ведаць сам…
— Будзе лепш,
калі ты дасі мне ключ і ад кватэры, — сказала яна. — Тады мне не трэба будзе сядзець на лесвіцы.Яна засмяялася, але вусны яе дрыжалі, і я раптам зразумеў, чаго ёй каштавала — вярнуцца, чакаць тут і гаварыць цяпер адважным бадзёрым голасам…
— Пат, — сказаў я хутка, цалкам заблытаны, — Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпіць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў імгненне вярнуся… — Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. — Гэтага я да смерці не забуду, — сказаў я ад дзвярэй і хутка пайшоў па калідоры.
Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелі. На стале кіпёў маленькі самавар.
— Прабачце, калі ласка, — сказаў я. — Непрадугледжанае здарэнне — ці не далі б вы мне кроплю гарачай гарбаты?
Расейцы прызвычаіліся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкі, цукру, а на талерку паклаў піражкоў.
— Вельмі рады быць вам карысным, — сказаў ён. — Дазвольце прапанаваць вам… сам бываў у падобных… некалькі зерняў кавы… пажаваць…
— Дзякую, — сказаў я. — Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму…
— Калі будзеце мець яшчэ якую патрэбу, — сказаў ён, і ў гэты момант я ўбачыў у ім сапраўды высакароднага чалавека, — я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады…
Я яшчэ ў калідоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбівалі пах спіртнога. Пат сядзела каля святла і пудрылася. Я на хвілінку спыніўся каля дзвярэй. Мяне вельмі кранула: вось яна сядзіць, уважліва глядзіцца ў маленькае люстэрка і водзіць пушком па скронях.
— Выпі гарбаты, — сказаў я. — Гарачая.
Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.
— Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.
— І я ведаю, — адказала яна.
— Праўда? А я — не.
— І не трэба, Робі. Ты і так ведаеш зашмат. Таму і не можаш быць як след шчаслівым.
— Магчыма, — сказаў я. — Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.
— Добра! Было б яшчэ горш, калі б ты ўвесь час разумнеў.
— Мудра, — сказаў я. — Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупіка. Але мне здаецца, што тут накапілася шмат усяго…
Яна паставіла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогі.
Заспявалі птушкі. Грукнулі нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзіцяці. Я глянуў на гадзіннік. Праз паўгадзіны на кухні з'явіцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока і роўна. Грэх было будзіць яе. Але трэба.
— Пат…
Яна, сонная, штось прамармытала.
— Пат… — я праклінаў усе мэбляваныя пакоі свету. — Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.
Яна расплюшчыла вочы і засмяялася, яшчэ сонная, як дзіця.
Я, прачнуўшыся, ніколі не бываў вясёлы.
— Пат… фраў Залеўскі ўжо чысціць зубы.
— Я сёння застануся ў цябе…
— Тут?
— Тут.
Я ўстаў.
— Бліскучая ідэя… але твае рэчы… вячэрняя сукенка і туфлі…
— Вось я і застануся да вечара.
— А дома?