Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Набліжаліся гарадскія дамы. «Карл» паспакайнеў, але гул яго матора ўсё яшчэ быў падобны да рыку дзікага звера.

Кёстэр спыніўся недалёка ад могілак. Ён не паехаў ні да майго дома, ні да Пат, ён проста спыніўся непадалёк, відаць, падумаўшы, што мы хочам пабыць адны. Мы вылезлі з машыны. Сябры адразу ж ірванулі, не азірнуўшыся. Я паглядзеў ім услед. На момант мне здалося, што гэта ненармальна. Яны паехалі, а я застаўся. Я застаўся без сяброў…

Я прагнаў гэтую думку.

— Хадзем, — сказаў я Пат, якая пазірала на мяне, быццам пра нешта здагадваючыся.

— Едзь з імі, — сказала яна.

— Не, —

адказаў я.

— Але ж табе хацелася паехаць…

— Ды што ты… — сказаў я, ведаючы, што так і было. — Хадзем.

Мы пайшлі ўздоўж могілак, яшчэ няўстойлівыя ад ветру і язды.

— Робі, — сказала Пат, — я хачу дадому.

— Чаму?

— Я не хачу, каб дзеля мяне ты ад нечага адмаўляўся.

— Што ты прыдумала, — сказаў я, — ад чаго я адмаўляюся?

— Ад сваіх сяброў…

— Ды я не адмаўляюся ад іх — заўтра раніцай нікуды яны ад мяне не падзенуцца.

— Ты ведаеш, пра што я гавару… — сказала яна. — Раней ты больш часу праводзіў з імі.

— Бо цябе не было, — адказаў я, адмыкаючы дзверы.

Яна пахітала галавой.

— Тут нешта іншае.

— Вядома, іншае. Дзякаваць богу.

Я ўзяў яе на рукі і панёс па калідоры ў свой пакой.

— Табе патрэбны сябры, — сказала яна мне на самае вуха.

— Ты мне патрэбна таксама, — адказаў я.

— Але не так пільна…

— Гэта мы яшчэ паглядзім…

Я нагой адчыніў дзверы і адпусціў яе. Яна моцна трымалася за мяне.

— Я вельмі дрэнны таварыш, Робі.

— Спадзяюся на гэта, — сказаў я. — Мне жанчына патрэбна не для таварыскасці. Мне трэба каханая.

— Якая ж я каханая? — прамармытала яна.

— А хто ж ты?

— Ні два, ні паўтара. Так, фрагмент…

— Гэта тое, што трэба, — сказаў я. — Гэта абуджае фантазію. Такія жанчыны — каханыя навечна. Жанчына «на ўсе сто» лёгка робіцца абрыдлай. Таксама як і дасканалая. Фрагменты — ніколі.

Было чатыры гадзіны ночы. Я праводзіў Пат дадому і вяртаўся назад. Неба пачало святлець. Пахла раніцай.

Я ішоў уздоўж могілак, міма кавярні «Інтэрнацыяналь». Тут адчыніліся дзверы начной забягалаўкі для шафёраў каля Дома прафсаюзаў. Адтуль выйшла дзяўчына. Маленькая шапачка, паношанае чырвонае пальцячко, высокія лакіраваныя боты… Я ўжо амаль прайшоў міма, ды раптам пазнаў.

— Ліза…

— Ты яшчэ жывы? — спытала яна.

— Адкуль ты? — спытаў я.

Яна няпэўна махнула рукой.

— Чакала. Думала, ты прыйдзеш. Якраз такі час, калі ты вяртаешся дадому.

— Так, сапраўды…

— Пойдзеш са мной?

Я завагаўся.

— Не магу…

— Без грошай, — хутка сказала яна.

— Не таму, — адказаў я неабдумана, — у мяне ёсць грошы.

— Ах, вось што, — з горыччу прамовіла яна і на крок адступіла.

Я схапіў яе за руку.

— Не, Ліза…

Яна стаяла на пустой шэрай вуліцы, хударлявая і бледная. Такую я сустрэў яе шмат гадоў назад, калі жыў у тупой адзіноце без думак і надзеі. Спачатку яна аднеслася да мяне падазрона, як і ўсе гэтыя дзяўчаты, а потым, калі мы некалькі разоў шчыра паразмаўлялі, стала па-сяброўску пяшчотна-даверлівай. Гэта былі дзіўныя адносіны. Бывала, што мы не бачыліся тыднямі, а потым яна з'яўлялася дзе-небудзь, стаяла і чакала мяне. У той час і ў яе, і ў мяне не было нічога іншага і нікога, мы, сустракаючыся, сагравалі

адно аднаго як маглі — і гэта нам было патрэбна абодвум. Я даўно не бачыў яе, з таго часу, як пазнаёміўся з Пат.

— Дзе ж ты так доўга была, Ліза?

Яна паціснула плячыма.

— Усё роўна. Захацелася паглядзець на цябе. Ну, цяпер я магу адчаліць.

— Ну, як ты пажываеш?

— Ах, кінь, — сказала яна. — Не старайся…

Вусны яе задрыжалі. Відаць было, што яна галадала.

— Я правяду цябе, — сказаў я.

Яе бледны абыякавы твар прастытуткі ажывіўся, на ім з'явіўся дзіцячы выраз. Па дарозе я купіў у начной шафёрскай закусачнай тое-сёе, каб яна магла перакусіць. Спачатку яна адмаўлялася. Уступіла толькі тады, калі я сказаў, што таксама хачу есці. Але яна сачыла, каб не падмануць мяне, каб мне не засталіся горшыя кавалкі. Яна адмаўлялася і ад паўфунта вяндліны, лічыла, што хопіць чвэрці фунта, калі мы яшчэ возьмем франкфурцкіх сасісак. Але я ўсё-такі ўзяў паўфунта і дзве бляшанкі сасісак.

Яна жыла ў мансардзе, якую так-сяк абставіла. На стале стаяла газнічка, а каля ложка — бутэлька з уторкнутай у рыльца свечкай. На сценах віселі карцінкі з ілюстраваных часопісаў, прымацаваныя кнопкамі. На тумбачцы некалькі дэтэктыўных раманаў, а побач з імі — пачак парнаграфічных здымкаў. Некаторыя кліенты, асабліва жанатыя, любілі паглядзець іх. Ліза змахнула іх у шуфляду і дастала старую, але чыстую сурвэту.

Я расклаў яду. Ліза між тым пераапранулася. Спачатку яна зняла сукенку, хоць я ведаў, што больш за ўсё ёй балелі ногі. Ёй жа даводзілася так шмат хадзіць. І вось яна стаяла — у высокіх лакіраваных чаравіках да кален і ў чорнай сарочцы.

— Як табе падабаюцца мае ногі? — спытала яна.

— Цуд, як заўсёды.

Яна была задаволена і з палёгкай села на ложак, каб расшнураваць чаравікі.

— Сто дваццаць марак заплаціла, — сказала яна і падала іх мне. — Пакуль столькі заробіш, дык даб'еш іх.

Яна дастала з шафы кімано і выцертыя парчовыя туфлі, што засталіся ад лепшых дзён. Пры гэтым яна ўсміхалася амаль вінавата. Ёй хацелася падабацца. Мне раптам нешта падпёрла пад грудзі, мне стала ніякавата ў гэтай маленькай каморцы, быццам нехта памёр.

Мы елі. Я ласкава размаўляў з ёй. І ўсё ж яна заўважыла, што нешта памянялася. У яе вачах з'явіўся страх. Паміж намі ніколі нічога не было больш таго, што прыносіў выпадак. Але, магчыма, гэта абавязвала і звязвала нас больш за ўсё іншае.

— Ты пойдзеш? — спытала яна, калі я ўстаў. Быццам яна ўжо даўно са страхам чакала гэтага.

— У мяне яшчэ спатканне.

Яна зірнула на мяне.

— Так позна?

— Па справах. Важнае для мяне спатканне, Ліза. Хачу паспрабаваць убачыць аднаго чалавека. У гэты час ён звычайна сядзіць у «Асторыі».

Ніякая іншая жанчына не зразумее цябе ў такіх справах лепш, чым такая дзяўчына, як Ліза. Але і ніякая іншая жанчына не адчуе ману лепш за яе. Твар Лізы зрабіўся пусты.

— У цябе жанчына…

— Паслухай, Ліза… мы ж так рэдка сустракаліся… цяпер жа не бачыліся амаль што год. Ты ж можаш уявіць…

— Не, не, я не пра гэта. У цябе ёсць жанчына, якую ты кахаеш! Ты змяніўся. Я адчуваю.

— Ах, Ліза…

— Праўда, праўда… Скажы!

— Я і сам не ведаю. Магчыма…

Яна хвілінку пастаяла. Потым яна кіўнула галавой.

Поделиться с друзьями: