Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я кіўнуў.

— Відаць, што так. Машыну мылі сёння раніцай, Ота. Аўкцыёншчык, пэўна ж, гэтага не рабіў.

Кёстэр пахітаў галавой і зірнуў на прысадзістага.

— Гэта, відаць, гаспадар. Ён і ўчора стаяў тут і выціраў машыну.

— Д'ябальшчына, — сказаў я. — Ён падобны да сабакі, які трапіў пад колы.

Праз двор да машыны падышоў малады чалавек. Ён быў у паліто з поясам і меў да непрыемнасці фарсісты выгляд.

— Гэта, відаць, і ёсць тая калымага, — сказаў ён, звяртаючыся не то да нас, не то да таго мужчыны, і пастукаў гачкай па капоце. Я ўбачыў, як у вачах у гаспадара ўспыхнула

непрыязнасць.

— Нічога, нічога, — велікадушна апраўдаўся ўладар пояса. — Лак усё роўна ўжо нікуды не варты. Ганарыстая ламачына. Ёй месца ў музеі, ці не так? — Ён магутна засмяяўся са свайго жарту і глянуў на нас, чакаючы адабрэння. Мы не падтрымалі яго смеху. Ён звярнуўся да гаспадара:

— Што вы хочаце за бабулю?

Чалавек моўчкі пракаўтнуў.

— Як за металалом, так? — балбатаў хлапец у цудоўным настроі. Ён зноў павярнуўся да нас.

— Паны таксама зацікавіліся? — І прыцішаным голасам: — Мы маглі б згаварыцца. Вытаргаваць машыну за бясцэнак, а барыш падзяліць. Навошта гэтым людзям даваць дармавыя грошы! Дарэчы: Гвіда Ціс з фірмы «Аўгека».

Ён крутнуў сваю гачку і з даверлівай перавагай падміргнуў нам.

«Для гэтага дваццаціпяцігадовага смаўжа няма ніякіх тайнаў», — падумаў я са злосцю. Мне шкада было чалавека, што стаяў каля машыны, і я сказаў:

— Вам бы мець іншае прозвішча, а не Ціс.

— Магчыма, — згадзіўся ён, усцешаны. Відаць было, што ён прывык да кампліментаў за спрыт.

— Вядома, — працягваў я. — Вам лепш было б звацца Смаркач. Гвіда Смаркач.

Ён адхіснуўся.

— Ну, пэўна, — нарэшце вымавіў ён. — Два на аднаго…

— Калі на тое, — сказаў я, — я пайду з вамі адзін. Куды захочаце.

— Дзякую, — адказаў Гвіда холадна. — Шчыра дзякую! — і падаўся ад нас.

Прысадзісты мужчына з засмучаным тварам стаяў, быццам яго нічога не тычылася, і, утаропіўшыся, глядзеў на машыну.

— Не будзем купляць яе, Ота, — сказаў я.

— Тады яе купіць браняносец Гвіда, — запярэчыў Кёстэр. — Мы не зможам дапамагчы чалавеку.

— І праўда, — сказаў я. — І ўсё ж — нешта тут не так.

— А дзе сёння ўсё так, Робі? Павер мне: для чалавека нават лепш, што мы тут. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён атрымае за машыну крыху больш. Але я абяцаю табе: калі браняносец не дасць першую цану, я змоўчу таксама.

Прыйшоў аўкцыёншчык. Ён спяшаўся, відаць, у яго было шмат спраў. Кожны дзень праходзіла дзесятак аўкцыёнаў. Лёгка жэстыкулюючы, ён пачаў аўкцыён вартых жалю рэчаў. У яго быў жалезны гумар і дзелавітасць чалавека, які кожны дзень мае справу з беднасцю, прычым яго самога яна ніколькі не кранае.

Рэчы прадаваліся за грашы. Некалькі перакупшчыкаў забралі амаль усё. Яны нібы нехаця толькі падымалі палец, сустракаючыся з позіркам аўкцыёншчыка, або хіталі галавой. Але за позіркам аўкцыёншчыка час ад часу сачыла і яшчэ адна пара вачэй… вочы на зняможаным твары пазіралі на пальцы перакупшчыкаў, як на знак божы — з надзеяй і страхам. На таксі заявілі цану тры чалавекі, і першы сярод іх — Гвіда: трыста марак. Смехатворная цана. Падышоў бліжэй прысадзісты чалавек. Ён нешта бязгучна шаптаў. Здавалася, што ён хоча прапанаваць сваю цану. Але рука апусцілася. Ён адступіў назад.

Наступная цана — чатырыста марак. Гвіда пайшоў на чатырыста пяцьдзесят. Узнікла паўза.

Аўкцыёншчык

пазіраў па баках.

— Хто больш? Раз… два…

Гаспадар таксі стаяў з шырока адкрытымі вачамі і паніклай галавой. Здавалася, што ён чакае ўдару па галаве.

— Тысяча, — сказаў Кёстэр.

Я зірнуў на яго.

— Яна вартая трох, — прамармытаў ён. — Не магу глядзець, як мардуюць чалавека…

Гвіда рабіў нам адчайныя знакі. Ён забыўся на «Смаркача» — справа была важней.

— Тысяча сто, — прагугніў ён і заміргаў нам. Калі б у яго было яшчэ адно вока на задніцы, ён міргаў бы і ім.

— Тысяча пяцьсот, — сказаў Кёстэр.

Аўкцыёншчыка ахапіў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлі не дзве-тры маркі, а зусім іншыя лічбы.

— Тысяча пяцьсот дзесяць, — заявіў успацелы Гвіда.

— Тысяча васемсот, — сказаў Кёстэр.

Гвіда пакруціў пальцам каля лба і здаўся.

Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.

— Тысяча восемсот пяцьдзесят, — сказаў я нечакана для самога сябе.

Кёстэр здзіўлена павярнуў галаву.

— Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, — хутка прамовіў я. — Для… надзейнасці…

Ён кіўнуў.

Аўкцыёншчык стукнуў малатком — машына наша. Кёстэр адразу заплаціў.

— Дзіўна! — сказаў Гвіда, які не мог пайсці проста так і наблізіўся да нас, быццам нічога не здарылася.

— Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзілі б адразу.

— З богам, каханы! — прагучаў металёвы голас за яго спіной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.

— Смаркач, — дадаў я.

Гвіда паціснуў плячыма і знік.

Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з ім стаяла жанчына з бледным тварам.

— Так… — сказаў я.

— Ведаю… — адказаў ён.

— Нам не хацелася гэтага рабіць, — сказаў я. — Але вы атрымалі б тады менш.

Ён кіўнуў, не ведаючы, што рабіць з рукамі.

— Машына добрая, — раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, — машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацілі, справа была не ў машыне, зусім — не, справа ў тым…

— Я ведаю, — сказаў я.

— Гэтымі грашыма мы не пакарыстаемся, — сказала жанчына. — Усё аддадзім.

— Будуць яшчэ, маці, — сказаў мужчына. — Будуць яшчэ.

Жанчына нічога не адказала.

— Пры пераключэнні з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, — сказаў мужчына. — Але гэта не дэфект. Яна і новая скрыгатала.

Ён гаварыў нібы пра малое дзіця.

— Яна ў нас ужо тры гады, і ніколі нічога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмілі… адзін сябра…

— Нягоднік, — сказала жанчына жорстка.

— Пакінь, маці, — сказаў чалавек і зірнуў на яе. — Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, маці?

Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.

— Дайце мне свой адрас, — сказаў Кёстэр. — Магчыма, нам спатрэбіцца шафёр.

Мужчына старанна пісаў цяжкімі працавітымі рукамі. Я зірнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалі, што толькі цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькі дабіць.

Чалавек усё гаварыў і гаварыў, як у ліхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталіся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзіць машыну зімой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.

Поделиться с друзьями: