Тры таварышы
Шрифт:
Сабраліся ўсе: Граў, Валянцін, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсіх Юп — у камбінезоне і ў гоначным шлеме з акулярамі. Ён ехаў з Кёстэрам асістэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялізныя вушы, якія стаялі тарчаком, будуць рабіць занадта вялікае супраціўленне, таму адно з двух: або машына страціць дваццаць кіламетраў хуткасці, альбо яна ператворыцца ў самалёт.
— Дарэчы, як вы атрымалі ангельскае імя? — спытаў Готфрыд у Патрыцыі Хольман, якая сядзела побач з ім.
— Мая маці была ангелька. Яе звалі, як і мяне, — Пат.
— А-а, Пат, гэта зусім іншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.
Ён прынёс шклянку
— Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.
Я ўтаропіўся на яго. У той час, калі я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. І яна засмяялася і сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.
Але гэта яшчэ нічога ў параўнанні з паводзінамі Граў. Ён быццам зусім з'ехаў з глузду і не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявіў, што павінен намаляваць яе. І сапраўды, ён прысеў на скрынку і пачаў маляваць.
— Слухай, Фердынанд, старое пудзіла, — сказаў я і забраў у яго блакнот. — Не траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. І больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.
— Вы прап'яце потым са мной рэшткі багатай цёткі майго гаспадара?
— Наконт усіх рэшткаў — не ведаю. Але нагу — абавязкова.
— Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.
Ляск матораў, нібы кулямётная страляніна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензінам і рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны віхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелі механікі. Мы былі аснашчаны даволі сціпла. Такія-сякія інструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымі кіхамі, якія мы задарма атрымалі ад нейкай фабрыкі, некалькі дробных запасных частак — вось і ўсё. Завод не фінансаваў Кёстэра. Мы мусілі ўсё аплачваць самі. Таму і мелі не шмат.
Прыйшоў Ота, за ім Браўмюлер, ужо апрануты для гонкі.
— Ну, Ота, — сказаў ён, — калі сёння мае свечы вытрымаюць, ты прапаў. Але яны не вытрымаюць.
— Паглядзім, — адказаў Кёстэр.
Браўмюлер пагразіў «Карлу».
— Сцеражыся майго «Шчаўкунчыка»!
«Шчаўкунчыкам» Браўмюлер называў сваю новую, вельмі цяжкую машыну. Яна лічылася фаварытам.
— «Карл» уставіць табе ногі, Тэа! — крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусіў язык, калі заўважыў паміж нас Патрыцыю Хольман. Ён вылупіў вочы, няёмка ўсміхнуўся няведама чаму і падаўся прэч.
— Поўны поспех, — з задавальненнем сказаў Ленц.
Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. «Карл» быў заяўлены ў класе спартовых машын.
— Шмат мы табе не дапаможам, Ота, — сказаў я і паглядзеў на інструменты.
Ён адмахнуўся.
— І не трэба. Калі «Карл» паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.
— Ці выставіць табе шыльды, каб ты бачыў, як ідзеш?
Кёстэр пахітаў галавой.
— Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды і Юп будзе сачыць.
Юп старанна заківаў галавой. Ад хвалявання яго біла ліхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькі прагучыць стрэл на старт, ён зробіцца спакойны, як чарапаха.
— Што ж, наперад, з богам!
Мы выпіхнулі «Карла».
— Толькі не затрымайся на старце, любая мая здыхляціна, — сказаў Ленц, гладзячы радыятар. — Не расчаруй свайго старога тату, «Карл»!
«Карл» сарваўся з месца. Мы глядзелі яму ўслед.
— Зірні на смешную ламачыну, — раптам сказаў нехта побач з намі. — Ззаду цюцелька ў цюцельку страўс.
Ленц горда выпрастаўся.
— Вы маеце на ўвазе белую
машыну? — спытаў ён, пачырванелы, але спакойны.— Менавіта, — пагардліва адказаў яму даўгалыгі механік з суседняга бокса, не паварочваючы галавы, і падаў свайму суседу бутэльку з півам. Ленц пачаў заікацца ад злосці і намерыўся пераскочыць праз нізкую дашчаную загародку. Дзякаваць богу, ён яшчэ не пачаў абражаць. Я адцягнуў яго назад.
— Кінь глупства, — лаяўся я. — Ты патрэбны нам тут. Навошта табе загадзя лезці ў бальніцу?
Ён вырываўся з аслінай упартасцю. Ён не трываў ніводнага слова супроць «Карла».
— Бачыце, — сказаў я Патрыцыі Хольман, — вось вам і апошні рамантык, гэты звар'яцелы баран! Няўжо вы паверыце, што ён калісьці пісаў вершы?
Словы падзейнічалі імгненна. Я закрануў яго больку.
— Задоўга да вайны, — папрасіў прабачэння Готфрыд. — Акрамя таго, дзіця, звар'яцець на гонках — не ганьба. Так, Пат?
— Быць вар'ятам увогуле не ганьба.
Готфрыд аддаў чэсць.
— Мудра сказана!
Шум матораў заглушыў усё астатняе. Паветра скаланулася. Скалануліся зямля і неба. Поле праімчалася міма.
— Перадапошні, — прабурчаў Ленц. — Жывёліна спатыкнулася ўсё ж на старце.
— Нічога, — сказаў я. — Старт — слабае месца «Карла». Ён бярэ разгон паволі, затое потым яго ўжо не спыніць.
У заціхаючы гул матораў усвідраваліся гукі гучнагаварыцеляў. Мы не паверылі сваім вушам: Бургер, небяспечны канкурэнт, застаўся на старце.
Машыны, выючы, набліжаліся. Яны падскоквалі ўдалечыні, як конікі-дзёгцікі на дарозе, павялічваліся, а потым праімчаліся на процілеглым баку трыбуны, робячы вялікі віраж. Іх пакуль што было шасцёра. Кёстэр, як і раней — на перадапошнім месцы. Мы былі напагатове. То мацней, то слабей у паветры чуўся рык матораў і рэха. Потым зграя вырвалася на прамую. Адзін наперадзе… другі і трэці шчыльна за ім, потым — Кёстэр. На павароце ён выйграў і цяпер ішоў чацвёрты.
З-за воблакаў паказалася сонца. Шырокія светлыя і шэрыя палосы павіслі над шашой, пакрытай, як тыгр, плямамі святла і ценю. Па людскім натоўпе на трыбунах плылі цені ад воблакаў. Шум матораў, як д'ябальская музыка, хваляваў нашу кроў. Ленц таптаўся на месцы, пакутуючы, я дашчэнту разжаваў сваю цыгарэту, а Патрыцыя Хольман прынюхвалася да наваколля, як маладое жарабя ўранку. Толькі Валянцін і Граў спакойна сядзелі і грэліся на сонейку.
Зноў загрукала неверагоднае сэрцабіццё машын, якія набліжаліся, праляталі міма трыбун. Мы ўпіліся позіркамі ў Кёстэра. Ён пахітаў галавой, кіхі мяняць не трэба было. На наступным крузе ён ужо дагнаў трэцюю машыну і сядзеў у яе на хвасце. Так яны вырваліся на бясконцую прамую.
— Чорт вазьмі! — Ленц зрабіў глыток з бутэлькі.
— Ён трэніраваўся, — сказаў я Патрыцыі Хольман. — Віражы — яго стыхія.
— Можа, глытняце з пляшкі, Пат? — спытаў Ленц.
Я злосна глянуў на яго. Ён вытрымаў мой позірк не міргнуўшы.
— Лепш са шклянкі, — сказала яна. — Піць з бутэлькі я яшчэ не навучылася.
— Вось як! — Готфрыд дастаў шклянку. — Гэта — недахопы сучаснага выхавання.
На наступных кругах удзельнікі расцягнуліся. Лідыраваў Браўмюлер. Першыя тры машыны паступова вырваліся метраў на трыста. Кёстэр, шчыльна параўняўшыся з трэцяй машынай, знік за трыбунамі. Потым машыны зноў з'явіліся. Мы паўскоквалі. А дзе ж трэцяя? Ота імчаўся адзін, за дзвюма першымі. А вось, вуркочучы, з'явілася і трэцяя машына. Заднія шыны разляцеліся на шматкі. Ленц зласліва ўсміхаўся. Машына спынілася каля суседняга бокса. Даўгалыгі механік лаяўся. Праз хвіліну машына зноў была гатова.